СТЭРЭАРЭГУЛЯ́РНЫЯ ПАЛІМЕ́РЫ,
палімеры, лінейныя макрамалекулы якіх складаюцца з манамерных звёнаў аднолькавай або розных прасторавых канфігурацый, што чаргуюцца паводле пэўнай заканамернасці.
Канфігурацыя асобных звёнаў вызначаецца прасторавым размяшчэннем замяшчальнікаў вакол цэнтраў стэрэаізамерыі — тэтраэдрычнага атама вугляроду, падвойнай сувязі або цыкла (гл. Прасторавая ізамерыя). Упарадкаванае размяшчэнне эквівалентных цэнтраў стэрэаізамерыі ў асн. ланцугу наз. тактычнасцю. Палімер, у якім кожнае манамернае звяно мае адзін Цэнтр стэрэаізамерыі, наз. ізатактычным, калі канфігурацыі гэтых цэнтраў аднолькавыя, або сіндыятактычным, калі суседнія цэнтры маюць процілеглыя канфігурацыі. Да С.п. адносяць каўчук натуральны (1,4-цыс-поліізапрэн), гутаперчу (1,4-транс-поліізапрэн), цэлюлозу і некат. яе вытворныя, якія, як і большасць сінт. С.п., маюць ізатактычную структуру. Асн. адрозненне С.п. ад нерэгулярных (атактычных) — здольнасць С.п. утвараць трохвымерныя крышталі. У прам-сці выпускаюць шэраг С.п. (напр., ізатактычны поліпрапілен, стэрэарэгулярны бутадыенавы каўчук), якія маюць лепшыя фіз.-хім. ўласцівасці, чым адпаведныя атактычныя палімеры. Гл. таксама Высокамалекулярныя злучэнні.
М.Р.Пракапчук.
т. 15, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)